Народныя абрады, звычаі, традыцыі, легенды, танцы, песні, загадкі, прыкметы і павер’і вядомы і сёння. Яны ўжо не бытуюць у поўнай форме, але ж часткі некаторых фальклорных тэкстаў яшчэ выкарыстоўваюцца.
Адзіннаццаць вучняў (5 – 11 класаў) ДУА “Велікарыцкая сярэдняя школа імя П.В. Саевіча” ўдзельнічалі ў конкурсе “Радавод”, які прайшоў яшчэ 16 лютага. Па выніках конкурсу, 16 сакавіка ў гала-канцэрце выступалі толькі калектывы з дзевяці ўстаноў адукацыі, Велікарыцкая школа была ў тым ліку.

Велікарыцкія вучні паказвалі абрад “Выкуп каравая”. Сватам быў Хоміч Арцём, вучань 11класа, які імкнуўся перадаць настрой сапраўднага галоўнага героя вяселля. Свату з дружкамі неабходна было выкупіць каравай у хроснай маці, якая разам з каравайніцамі не хацела аддаваць галоўны атрыбут вяселля за проста так. І пакупнікам гэта ўдалося з дапамогай прысмакаў, грошэй, песень, танцаў, жартаў і, безумоўна, таленту. Трэба адзначыць, што “хросная маці”, Хамічук Настасся, вучаніца 9 класа, вельмі цудоўна ўвайшла ў ролю.
Дарэчы, каравай для “вяселля” спякла настаўніца геаграфіі і біялогіі Пастаўнёва Людміла Пятроўна. Тое, што каравай удаўся, пабачылі і паспрабавалі на смак гледачы мерапрыемства. А раней лічылася: калі каравай атрымліваўся нясмачным, то і жыццё ў маладых будзе нешчаслівым.
