Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

16.04.2025

Круглы стол, прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі прайшоў у Вялікарыцкай СШ

Пакуль мы памятаем, мы жывём – пад такою назваю ў Вялікарыцкай СШ прайшоў круглы стол з удзелам дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярыны Паздзяйкінай, старшыні Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуарда Кандзярэшкі, старшыні Вялікарыцкага сельскага Савета Віктара Кірычуна. Мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ва ўступным слове дырэктар Вялікарыцкай СШ Ірына Наркевіч адзначыла, што ва ўстанове адукацыі праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычным выхаванні, увекавечанні памяці загінулых на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і ў тыле. У ліку прыярытэтных накірункаў выхаваўчай работы школы такія, як, напрыклад, “Цягнік Памяці”, “Памяць і боль беларускай зямлі” і інш. Ва ўстанове адукацыі таксама дзейнічае пошукава-даследчы атрад “Героі”, асноўнай мэтай якога з’яўляецца ўзнаўленне і захаванне гістарычнай памяці аб гераічных подзвігах і лёсе беларусаў, якія ўнеслі  свой уклад у вызваленне краіны і ў Вялікую Перамогу. Вучні разам з педагогамі цяпер даглядаюць за 14 помнікамі і памятнымі месцамі, якія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной і знаходзяцца на тэрыторыі сельскага Савета. Адметнасць Вялікарыцкай СШ і ў тым, што на яе тэрыторыі знаходзіцца помнік Вольгі Абрамук. Яна ў Вялікую Айчынную вайну была сувязным партызанскага атрада, збірала і перадавала народным мсціўцам зброю, каштоўныя звесткі пра ворага. У першыя дні акупацыі адважная камсамолка дапамагла арганізаваць уцёкі савецкіх актывістаў, арыштаваных гітлераўцамі. У кастрычніку 1942 года яна была схоплена захопнікамі і расстраляна ў двары школы.

  

Кацярына Паздзяйкіна і Эдуард Кандзярэшка нагадалі, што Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў працягвалася 1418 дзён і начэй. Гэта трагедыя прайшла праз кожную сям’ю і сэрца кожнага грамадзяніна нашай краіны: забіта не менш за тры мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, сагнана ў нямецкае рабства больш за 380 тысяч чалавек, многія з якіх не вытрымалі невыносных умоў жыцця і працы. Беларусы з  павагай і гонарам успамінаюць імёны тых, хто ваяваў за Радзіму супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вельмі важна не забываць і перадаваць нашчадкам гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, расказваць праўду пра герояў, пра мірных жыхароў, якія прайшлі праз цяжар ліхалецця і захавалі мужнасць, добрае сэрца і любоў да Радзімы.

–Гісторыя беларуская дзяржаўнасці заўсёды была няпростай, – падвяла вынікі зацікаўленай  размовы Кацярына Паздзяйкіна. –  Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі не праз адну вайну, гераічныя подзвігі і вялікую працу. Сёння мы вельмі ашчадна і беражліва ставімся да гістарычнай памяці. 80 гадоў на зямлі Беларусі пануе мірнае жыццё. Аднак мы, яе жыхары, заўсёды памятаем і ўшаноўваем імёны тых, хто меў магчымасць жыць, ствараць у цяперашні час, але загінуў дзеля нас. Наша галоўная задача – захаваць гэту свяшчэнную памяць і не дазволіць перапісаць гісторыю. Мы будзем гаварыць і памятаць пра гэта заўсёды і ўсюды!

Далей увазе прысутных была прапанавана невялікая літаратурна-музычная кампазіцыя “Жывая памяць пра вайну”, падрыхтаваная вучнямі ўстановы адукацыі. Падчас яе прагучалі вершы “Зялёныя Буды” і “Памяці Вольгі Абрамук”, напісаныя настаўніцай пачатковых класаў Надзеяй Літвінюк.

  

Закончылася мерапрыемства ўскладаннем жывых кветак да помніка Вольгі Абрамук.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Разделы сайта